СТАНКО́ВАЕ МАСТА́ЦТВА,

творы жывапісу, скульптуры і графікі, якія маюць самаст. характар, свабодныя ад прамых утылітарных функцый і не прызначаныя для ансамбля ў якасці яго састаўной і неад’емнай часткі. Назва ад «станка», на якім ствараюцца творы С.м., — мальберт, скульптурны станок. Творы С.м. разглядаюцца адасоблена ад наваколля, іх значэнне не мяняецца ад месца, дзе яны знаходзяцца, хаця ўмовы экспанавання і асвятлення могуць спрыяць альбо перашкаджаць поўнаму раскрыццю іх якасцей. У эпоху Адраджэння, з распадам універсальных комплексаў, характэрных для сярэдневякоўя, С.м. стала адной з умоў росквіту маст. культуры. У 17—20 ст. С.м. з яго псіхалагізмам, шматграннасцю і багаццем нюансаў — асн. род маст. творчасці, вызначальны ў жыцці грамадства.

т. 15, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)